КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,

скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (або інш. нябеснага цела).

Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)